We present you a transcript of the interview with historian, Siarhei Tratsiak, Ph.D. Essentially, it is an absolutely brilliant concentrate of history of Belarus on 9 pages. It is in Belarusian now, and hopefully soon we will be able to present it to you in English too. Прадстаўляем вашай увазе транскрыпт інтэрв'ю з Сяргеем Траццяком, кандыдатам гістарычных навук, якое мы запісалі для гістарычнай часткі фільму. Атрымалася неверагодна цікавая гісторыя Беларусі, якая змясцілася ўсяго на 9 старонках. З матэрыялам можна азнаёміцца тут, ці нават спампаваць PDF файл. Вялікі дзякуй Святлане Чакушчы за крапатлівую працу і запіс транскрыпту.
Гісторыю Беларусі можна прасачыць буквальна з самага пачатку з’яўлення чалавека на ёй, на яе зямлі. Трыццаць тысяч год назад - на столькі дазваляюць прасачыць гэтую гісторыю археалагічныя знаходкі. Першым, хто пакінуў пісьмовыя сведчанні аб народах, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, быў не хто-небудзь, а сам бацька гісторыі Герадот. Аднак дасканала прасачыць гісторыю Беларусі па пісьмовых крыніцах мы можам на працягу апошняй тысячы год, менавіта з таго часу як пісьмовасць з’явілася ва ўсходніх славян і калі ва ўсходнеславянскіх землях пачалі весціся ўласныя летапісы.
У пачатку другога тысячагоддзя нашай эры - у канцы першага тысячагоддзя нашай эры на тэрыторыі Беларусі з’яўляюцца славяне. Нестар- летапісец, першы гісторык усходніх славян, які нам дакладна вядомы і які пакінуў фундаментальны летапісны звод “Аповесць мінулых гадоў”, - указвае, што на тэрыторыі сучаснай Беларусі жылі такія буйныя племянные саюзы, альбо “народцы”, як крывічы. Каб адрозніць іх ад смаленскіх і пскоўскіх крывічоў, Нестар называе іх палачанамі - па назве галоўнага горада крывічоў Полацка. Таксама на Беларусі жылі дрыгавічы і жылі радзімічы. Акрамя таго тэрыторыю Беларусі часткова, самым ускрайкам ахоплівалі іншыя “народцы”, якія ў канцы дзевятага стагоддзя аб’ядналіся, былі, дакладней сказаць, аб’яднаны ў адзіную дзяржаву са сталіцай у Кіеве, у Кіўскую Русь. Пры гэтым палачане захавалі сваё сваю самастойнасць , яны лічыліся горадам, воласцю, які “пад кіеўскімі князямі ходзіць”. І менавіта ў такой якасці яны ўдзельнічалі ў войнах з Візантыяй і атрымоўвалі ад Візантыі даніну. У прыватнасці ў дагаворы паміж Візантыяй і кіеўскімі рускімі князямі дзевяцьсот адзінаццатага-дзевяцьсот сорак чацвёртага гадоў Полацк называецца ў якасці тых гарадоў, якія “пад князем рускім ходзяць” і на гэтай падставе мае права атрымліваць ваенную даніну з Візантыі. Першым жа дакладна нам вядомым полацкім князем быў Рагвалод, той самы Рагвалод, на якім абарвалася варажская дынастыя полацкіх князёў. Менавіта Рагвалод быў бацькам той самай князёўны Рагнеды, да якой пасватаўся тады яшчэ наўгародскі князь Уладзімір. Рагнеда яму адмовіла і тады Уладзімір дабіўся свайго сілай- ён узяў Полацк штурмам, Рагвалода і яго сыноў забіў а Рагнеду зрабіў сваёй жонкай. Менавіта ад шлюбу Рагнеды і Ўладзіміра і пайшлі тыя веткі княжага дома Рурыкавічаў, якія потым правілі ў розных канцах Кіеўскай дзяржавы і паклалі пачатак мясцовых княжацкім дынастыям. Самым вядомым і знакамітым з полацкіх Рурыкавічаў альбо як яшчэ іх называў невядомы паэт- аўтар “ Аповесці пра паход Ігаравы” – “Рагваложых внуков” - быў Усяслаў Чарадзей. Усяслаў Чарадзей – самы знакаміты з тых, каго гэты паэт назваў “Рагваложымі внукамі”, “Рагваложы внуцы”. Усяслаў Чарадзей увайшоў у гісторыю менавіта як князь-воін, князь незвычайных здольнасцяў, князь, які знаўся з чароўнымі сіламі, адсюль і мянушка Чарадзей. Аб папулярнасці Усяслава сведчыць той факт, што ў тысяча шэсцьдзесят сёмым годзе на некалькі месяцаў воляю паўстаўшых кіеўлян менавіта Усяслаў стаў кіеўскім вялікім князем. І аб тым, хто такі быў Усяслаў, сведчыць і той факт, што у цэлым станоўчыя звесткі пра яго увайшлі нават у аповесць пра паход Ігараў – паэму, складзеную праз восемдзесят з гакам гадоў пасля смерці Усяслава . К трынаццатаму стагоддзю Полацкая дзяржава значна аслабела і не змагла аказаць дастойнае супраціўленне нямецкім рыцарам-крыжакам, якія захапілі ўладанні Полацка ў Прыбалтыцы, падначалілі сабе плямёны ліваў, эстаў, латгалаў, і ў рэшце рэшт у тысяча трыста сёмым годзе апошні з полацкіх князёў не знайшоў нічога лепшага як завяшчаць горад Полацк і полацкія ўладанні нямецкаму Тэўтонскаму ордэну. Аднак з гэтага нічога не атрымалася, таму што пад бокам у Полацка у той час ужо паўстала новая магутная дзяржава – Вялікае Княства Літоўскае.І менавіта да вялікага князя літоўскага Віценя звярнуліся па дапамогу палачане. Так у тысяча трыста сёмым годзе гісторыя старажытнага Полацка скончылася , скончыўся так званы Полацкі перыяд беларускай гісторыі, аднак к гэтаму часу ўжо ваўсю грымела слава і ішоў так званы Літоўскі перыяд альбо перыяд Вялікага Княства Літоўскага. У час сваёй найвышэйшай магутнасці, якую Вялікае княства Літоўскае дасягнула пры князе Вітаўце – а Вітаўт правіў у тысяча трыста дзевяноста другім – тысяча чатыраста трыццатым гадах і быў адным з арганізатараў разгрому Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве – у час сваёй найвышэйшай магутнасці Вялікае Княства Літоўскае не толькі ахоплівала вялізныя тэрыторыі - ад Балтыйскага і да Чорнага мора, але і па сутнасці аб’яднала дзве трэці былых уладанняў Кіеўскай Русі. Менавіта Вітаўт разглядаў сябе і сваіх спадкаемцаў як сапраўдных спадкаемцаў Кіеўскай Русі і ў такой якасці ён намераваўся нават каранавацца каралеўскай каронай. Момант найвышэйшай тэрытарыяльнай магутнасці быў зафіксаваны нават дакументам – пасля вайны тысяча чатырыста сорак дзевятага года паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Вялікім Княствам Маскоўскім вялікі князь літоўскі і кароль польскі Казімір Чацвёрты, празваны таксама Казімірам Вялікім і вялікі князь маскоўскі Васіль Другі,празваны Цёмным за тое, што падчас феадальнай міжусобіцы яму выкалалі вочы – “Цёмны” значыць сляпы - дык вось гэтыя два манархі падпісалі дагавор, які пазнейшыя гісторыкі назвалі вялікім актам падзелу Русі паміж Літвой і Масквой. Менавіта гэты дагавор на сорак год забяспечыў мірныя адносіны дзвюх вялізных феадальных дзяржаў усхода Еўропы. Аднак у тысяча чатырыста шэсцьдзесят другім годзе сын Васіля Другога Іван Трэці заснавальнік рускай нацыянальнай дзяржавы, адзінай рускай дзяржавы Вялікароссіі выставіў прэтэнзіі на ўсю кіеўскую спадчыну. Пачаліся зацяглыя войны паміж Вялікім Княствам Літоўскім, Рускім, Жамойцкім і іных зямель гаспадарствам з аднаго боку і Вялікім княствам Маскоўскім і усея Русі з іншага боку. І ў гэтых войнах у рэшце рэшт Вялікае Княства Літоўскае канчаткова знясілела. Яно аказалася ня ў стане ня толькі прэтэндаваць надалей на кіеўскую спадчыну, яно аказалася ня ў стане нават утрымаць усіх тых земляў, якімі валодала. У 1564 годзе падчас Лівонскай альбо Інфлянцкай вайны войскі цара усея Русі Івана Грознага занялі Полацк. І зноў Полацк. І зноў падзенне Полацка стала сімвалічнай вехай. Менавіта падзенне Полацка прымусіла магнатэрыю і шляхту Вялікага княства Літоўскага актывізаваць перагаворы з Польшчай аб спачатку ваенным саюзе, але надалей атрымалася так, што абедзве дзяржавы аб’ядналіся ў адзіную Рэч Паспалітую двух народаў – рэспубліку двух народаў. І Вялікі князь Літоўскі з гэтага часу павінен быў быць адначасова і каралём польскім. Атрымалася так, што тых момантаў, калі у Вялікім княстве быў свой князь, а ў Польшчы свой кароль больш ніколі не адбылося. Атрымалася так, што менавіта Рэч Паспалітая двух народаў здолела на працягу канца шаснаццатага стагоддзя – першай трэці сямнаццатага больш менш паспяхова ваяваць ня толькі з Расіяй, але і з Швецыяй, з Асманскай імперыяй. Tым не менш аб’яднанне Вялікага княства Літоўскага з Польшчай прывяло да паступовай паланізацыі пануючага саслоўя. Шляхта забывалася мову, на якой размаўлялі яе продкі, шляхта пераходзіла на польскую мову і гэта пры тым, што ў той жа Расіі, пад бокам, у Масковіі прэстыж “западнорусского наречія” как его называлі, быў у шаснаццатым -семнаццатым стагоддзях вельмі высокі. Там прызнавалі, што кніжная культура Вялікага княства Літоўскага куды вышэйшая за тую кніжную культуру, якую мае Расія. Справа ў тым, што кніжная мова Вялікага княства Літоўскага альбо яе яшчэ называюць актавай мовай – гэта старабеларуская літаратурная мова. Яна склалася на падставе стражытнарускай літаратурнай мовы, але з вялікай колькасцю запазычанняў з размоўнай гаворкі. Справа ў тым, што стваральнікам літаратурнай мовы і кадыфікатарам яе лічыцца Францыск Скарына. І вось калі мы звернемся да мовы ягонай “Бібліі”, “Малой падарожнай кніжкі”, да мовы, на якой ён ствараў свае царкоўнапаэтычныя творы, сваю “Пасхалію”, то вы ўбачыце, што гэта сапраўды старажытнаруская мова, насычаная і падтасаваная да беларускай гаворкі. Адначасова Францыск Скарына ўвёў у старажытнабеларускую літаратурную мову шмат запазычанняў з больш распрацаваных на той час славянскіх літаратурных моў, найперш з з чэшскай. Усё ж такі чэхі былі яго настаўнікамі ў справе перакладу Бібліі на родную мову. Помнікам менавіта мовы літаратурнай і мовы юрыдычнай стаў Трэці Статут Вялікага княства Літоўскага, у якім прама было запісана, што ўсе заканадаўчыя акты, усе прысуды і ўсе іншыя дзяржаўныя дакументы ў Вялікім княстве “руськім ане обчім якім языком стварацца павінны”. І вось тым не менш ужо Васіль Цяпінскі ў канцы шаснаццатага стагоддзя ў прадмове да свайго пераклада Евангелля на беларускую мову з горыччу пісаў, што столькі вядомых людзей, “знатных княжат” і буйных шляхцічаў ужо перайшлі на польскую мову. Як кажуць, з залатымі шляхецкімі вольнасцямі прыйшла і мода на “пальшчызну”. І працэс гэты скончыўся ў тысяча шэсцьсот дзевяноста сёмым годзе, калі сейм Рэчы Паспалітай прыняў пастанову аб пераводзе ўсёй дакументацыі і ўсяго справаводства на тэрыторыі Рэчы Паспалітай двух народаў менавіта на польскую мову як на зразумелую ўсякаму адукаванаму чалавеку. З гэтага часу па сутнасці і канчаецца гісторыя і старажытнабеларускай літаратурнай мовы, і літаратуры на старажытнабеларускай мове. Беларуская мова стала мовай простанароддзя – мужыкоў, альбо як казалі шляхцічы, быдла. Ну а чаму так атрымалася? Усё ж такі тут нельга пакідаць па-за ўвагаю тую жудасную катастрофу, якую перажыла Беларусь у тысяча шасцьсот сорак восьмым – тысяча шасцьсот шэсцьдзесят сёмым гадах – “Хмяльніччына” і яе водгукі на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага, а потым трынаццацігадовая вайна з Расіяй. У выніку гэтых войнаў толькі ў арыфметычным вымярэнні насельніцтва Беларусі скарацілася на пяцьдзесят адзін працэнт, прычым найбольш пацярпелі якраз-такі гарады. Гарады, якія былі цэнтрамі рамяства і цэнтрамі культуры. Гарады прыйшлі ў такі заняпад, што прама пісалі падчас рэвізіі тысяча шасцьсот семідзесятых гадоў, “ тут быў горад, а зараз два-тры дамішкі”. А гібель гараджан, і выезд на сталае месца жыхарства за межы дзяржавы? У тую ж Расію? Пры тым трэба заўважыць, што выязджалі тут гараджане як насільна, так і па добрай ахвоце. Шмат хто з тых, хто прысягнуў расійскаму цару Аляксею Міхайлавічу, пасля таго як ваеннае шчасце перамятнулася на бок Рэчы Паспалітай, проста не жадалі заставацца дома проста таму, што баяліся рэпрэсій. Атрымалася так , што ў васемнаццатым стагоддзі ўся тэрыторыя Рэчы Паспалітай дзвух народаў суседзямі пачынае называцца Польшчай. І два народа прапалі. Зараз ужо гаварылі не аб шляхетных народах польскім і літоўскім як гаспадарах рэспублікі, а аб адным шляхетным народзе польскім. І ўсё гэта скончылася лагічным фіналам – прыняццем трэцяга мая тысяча семсот дзевяноста першага года прешай агульнадзяржаўнай пісанай Канстытуцыі Рэчы Паспалітай. У адпаведнасці з гэтай канстытуцыяй Княства Літоўскае скасоўвалася, а ўся тэрыторыя Рэчы Паспалітай абвяшчалася тэрыторыяй Каралеўства Польскага , якое падзялялася на тры правінцыі – Вялікапольшчу, Малапольшчу і Літву. Аднак к гэтаму моманту Рэч Паспалітая ахоплівала ўжо не ўсю тэрыторыю Беларусі. Як вядома, у тысяча семсот семдзесят другім годзе адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай, па выніках якога да Расіі адышлі землі Усходняй Беларусі. Тыя землі, якія як раз такі называліся Белай Руссю. І Кацярына Другая, якая была не толькі імператрыцай расійскай, але і пісьменніцай, і гісторыкам, падвяла пад гэтыя факты гістарычную базу. Каб паказаць усяму свету, што яна не захапіла гэтыя землі, не анектавала іх, а уз’яднала. З гэтай нагоды яна выдала некалькі брашур, у якіх даказвала, што землі Полаччыны, Магілёўшчыны і Гомельшчыны з’яўляюцца спрадвеку рускімі і загадала адчаканіць медаль. На гэтым медалі была паказана карта далучаных тэрыторый і дэвіз: “Утерянное возвратіх”. Што цікава, да ліку уцераннага не адносілася тэрыторыя Цэнтральнай і Заходняй Беларусі. Гэтыя землі, разам з Віленшчынай і Ковеншчынай, у Расіі называлі Літвой. І гэтая акалічнасць –іменаванне зямель Беларусі ў складзе Расійскай імперыі як губерняў беларускіх і літоўскіх - праіснавала да тысяча васемсот саракавога года, калі цар Мікалай Першы сваім указам загадаў усе гэтыя тэрыторыі называць аднолькава – Паўночна-Заходнімі губерніямі альбо Паўночна-Заходнім краем. Ну ў не малой ступені атрымалася так, што менавіта гэты указ імператара Мікалая Першага прывёў да таго, што чыноўнікі пачалі глядзець на тэрыторыю сучаснай Беларусі як на адно цэлае. З другога боку, цікавая была сітуацыя пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, калі шляхта Вялікага княства Літоўскага альбо польская шляхта – мясцовая літоўская польская шляхта – была цалкам інкарпаравана ў склад расійскага дваранства. І вось каб купіць лаяльнасць новых дваран, новай часткі расійскага “благароднага дваранства”, ім далі поўную свабоду рук у справе вядзення дакументацыі і справе школьнага выкладання. Менавіта перыяд ад трэцяга раздзела Рэчы Паспалітай і да паўстання тысяча васемсот трыццатага-трыццаць першага гадоў гісторыкі вызначаюць як перыяд самага шалёнага наступу на беларускую мову. Час самай шалёнай паланізацыі. У тысяча васемсот трыццаць першым годзе сітуацыя мяняецца. Паколькі мясцовая шляхта падтрымала паўстаўшую Польшчу, на яе перасталі глядзець як на лаяльную частку дваранства. Пачаліся ганенні на пальшчызну, пачаўся наступ на мясцовую польскую супольнасць, у першую чаргу на шляхту,якая не разглядалася з гэтага часу як лаяльная частка расійскага дваранства. Пачаліся ганенні на каталіцкую царкву, скасоўваецца уніяцкая царква і адначасова пачынаецца русіфікацыя. З другога боку, каб даказаць менавіта расійскія правы на тэрыторыю Беларусі, расійскія этнографы пачынаюць масавае вывучэнне этнаграфіі і фальклору мясцовага насельніцтва. У сваю чаргу, польскія этнографы, каб даказаць, што гэты край спрадвеку польскі, таксама пачынаюць вывучэнне мясцовага фальклору. Якімі бы там ні карысталіся даследчыкі памкненнямі і мэтамі, чаго б яны гэтым не хацелі дасягнуць, але яны зрабілі добрую справу – яны далі магчымасць адукаванаму мясцоваму насельніцтву, у першую чаргу выхадцам з асяроддзя сялянства і разначынцаў, азнаёміцца са сваёй мовай і са сваёй гісторыяй так, як яны адклаліся ў памяці народа. Больш за тое, шмат хто з такіх вось рупліўцаў народнай спадчыны сам пачаў пісаць вершы і песні на беларускай мове, ужо, як можна сказаць, на новай беларускай мове, паколькі гэтая мова цалкам грунтавалася на народных гаворках. Тут у першую чаргу трэба ўспомніць Яна Чачота, які, акрамя таго, што збіраў сялянскія песні і казкі, сам пісаў песні. Асобныя з гэтых песень нават сталі народнымі. Ну а пасля тысяча васемсот шэсцьдзесят трэцяга-шэсцьдзесят чацвертага гадоў, пасля знакамітага паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, “абрусіцельства” усіліваецца. Узмацніўся наступ на мясцовую польскасць, наогул, пачынаецца цікавая рэч. Расійскія ўлады заўсёды кіраваліся пры вызначэнні этнічнай прыналежнасці насельнікаў заходніх і паўночна-заходніх губернь канфесіянальнай прыкметай. Гэта было вельмі проста і зручна – усіх праваслаўных запісаць у рускія, а ўсіх католікаў запісаць у палякі. Ну і па вялікім кошце, з гэтым згаджаліся і прадстаўнікі польскай палітычнай эміграцыі, мясцовая польская шляхта. Гэта было вельмі проста і зручна, але пасля тысяча васемсот шэсцьдзесят чацвертага года высветлілася, што праваслаўных у шмат якіх паветах Заходняй Беларусі менш чым каталікоў, а тым не менш па мове яны несумненна рускія. Да, мова беларуская, а яе запісвалі як гаворку “рускава языка”. І тады пачынаецца прапаганда дзялення каталіцызму ад паланізму - сялянам –католікам даказваюць, што хоць яны і католікі, яны не палякі. З другога боку, да іх ставяцца досыць падазрона, як да “няправільных” рускіх - чаму яны хоць і гавораць па–руску, а не спавядаюць праваслаўе? І вось менавіта ў асяроддзі каталіцкай беларускай сялянскай інтэлігенцыі і зараджаецца ў першую чаргу разуменне таго, што, калі мы не палякі, а католікі, калі мы не зусім рускія, то хто мы? У канцы дзевятнаццатага стагоддзя да гэтага прымыкае і частка спаланізаванай мясцовай шляхты каталіцкага веравызнання. Тут можна ўзгадаць тых, каго называюць “будзіцелямі” новай беларускай літаратуры, стваральнікамі літаратуры на новай беларускай мове. У першую чаргу гэта Вінсэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Альгерд Абуховіч. З тых, хто пісаў на беларускай мове, лічыў сябе беларусам і стварыў беларускую літаратуру, але паходзіў з праваслаўнага асяроддзя трэба ўзгадаць у першую чаргу Паўла Шпілеўскага, пісьменніка і этнографа. Тут таксама трэба ўзгадаць і забытага, але ізноў адкрытага Канстанціна Вераніцына – паэта, які пакінуў беларускай літаратуры такі выдатны твор, як “Тарас на Парнасе”. Пачатак дваццатага стагоддзя. Беларускае нацыянальнае адраджэнне. Тое, што беларусы – нацыя, асобны народ,які мае поўнае права і гаварыць, і пісаць, і тварыць на ўласнай мове, становіцца разуменнем не толькі прадстаўнікоў нешматлікай беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі, але і досыць шырокіх пластоў беларускага насельніцтва. Менавіта з гэтым трэба звязаць і феномен “Нашай нівы” – газеты, якая не толькі несла беларускае слова і беларускую ідэю ў масы, але і стала магчымай тым, чым яна ёсць, менавіта дзякуючы таму, што знайшоўся на яе масавы чытач. Ну і у рэшце рэшт, што атрымліваецца – без “Нашай нівы” не склаўся б той масавы слой, для якога ідэя беларускай дзяржаўнасці стала выстраданай ідэяй. Тысяча дзевяцьсот васемнаццаты год у гэтым сэнсе Рубікон. Таму што спачатку ў Мінску, пад германскай акупацыяй, абвяшчаецца Беларуская Народная Рэспубліка і тым самым даводзіцца да ведама і ўсяго свету і беларусаў тое, што яны маюць права на ўласную дзяржаву. Ну атрымалася так, што Беларуская Народная Рэспубліка была абвешчана, але не спраўдзілася, не адбылася як дзяржава, нават як дзяржавападобнае утварэнне. Большы поспех меў так званы “чырвоны буфер” – Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка першага і другога абвяшчэнняў, прычым другога абвяшчэння рэспубліка стала па сутнасці першай нашай паўнавартаснай нацыянальнай дзяржавай. Хоць у тысяча дзевяцьсот дваццаць другім годзе яна і ўвайшла ў склад Савецкага Саюза, але і ў складзе Савецкага Саюза яна функцыянавала як нацыянальная савецкая дзяржава. Бо ў савецкай канстытуцыі было запісана, што Савецкі Саюз, Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік ёсць саюз нацыянальных савецкіх рэспублік. Не будзь Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі – не было б і Рэспублікі Беларусь. Таму што ў тысяча дзевяцьсот дзевяноста першым годзе калі Савецкі Саюз перастаў існаваць, менавіта ад БССР Рэспубліка Беларусь атрымала тэрыторыю, грамадзянства, пісанае права, сістэму органаў публічнай улады і ў рэшце рэшт членства ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, пасколькі Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ў тысяча дзевяцьсот сорак пятым годзе была адной з дзяржаў - утваральнікаў ААН. Вось такая гісторыя. Наконт назвы Беларусь. Наконт імя Беларусь, Белая Русь. Колькі даследчыкаў – столькі і меркаванняў. Самае расхожае меркаванне, што гэта па колеру валасоў яе насельнікаў. Белыя русы - гэта канешне тое, што ляжыць на паверхні і тое, што ніяк не можа быць прынята навукай. Больш рацыі маюць тыя даследчыкі, якія зыходзяць з семантыкі слова “белы” у палітычнай і геаграфічным лексіконе сярэднявечча. У прыватнасці, слова “белы “ вельмі часта ўжывалася ў якасці “сапраўдны” , “вялікі”, “значны”, “буйны”,” высокі”. Напрыклад, расійскага цара нават у дзевятнаццатым –дваццатым стагоддзі у Сярэдняй Азіі інакш як “белым” царом не называлі. У хана Батыя, дакладней сказаць, у Батыя, які ніколі не быў ханам, а ханам стаў толькі пасмяротна, у знак прызнанння яго вялікіх заслуг, пасмяротны тытул быў “Саін хан” – “белы” альбо “светлы” хан. У старажытнарускіх дакументах, у дагаворах з Візантыей правіцеля Кіева і усея Русі інакш як “вялікім” альбо “светлым “ князем не называюць. З другога боку, словам “белы” даволі часта абазначалі менавіта паўночны напрамак альбо паўночныя землі. У прыватнасці, вядома Белае мора на поўначы, Белыя воды, альбо белаводдзе, Белае возера альбо “паўночнае” возера. Гэта ўсё адносіцца да Велікароссіі. І тым не менш, упершыню слова “Белая Русь” , выраз “Белая Русь” ужываецца ў тысяча чатыраста семдзесят пятым годзе, прычым прымяняльна да Вялікага княства Маскоўскага. У італьянскай дыпламатычнай перапісцы вялікага князя Маскоўскага і усея Русі Івана Трэцяга называюць не іначай як князем Белай Русі. А вось калі выраз “Белая Русь” пачаў ужывацца спачатку ў дачыненні да Падзвіння і Падняпроўя, а потым перайшоў на усю тэрыторыю сучаснай Беларусі - ёсць цікавае даследванне даследчыка Белага, які даказвае, што тэрмін Альба Рутэнія, альбо Белая Русь упершыню быў ужыты ў лацінамоўных дакументах - лацінамоўных картах трынаццатага стагоддзя, якія складаліся ў Заходняй Еўропе і Полацк менавіта тады, ў трынаццатым стагоддзі і быў паіменаваны як вялікі горад Белай Русі. Прычым, на думку Белага, наіменаванне менавіта Полаччыны Белай Руссю было вынікам геаграфічнай памылкі. Але як ён гэта даказвае, сказаць цяжка. У шаснаццатым, сямнаццатым, васямнаццатым стагоддзях тэрмін Белая Русь ужываўся менавіта ў дачыненні Падзвіння і Падняпроўя. Жыхароў гэтых тэрыторый у дыпламатычнай перапісцы, у пісьмовых крыніцах называлі ”беларусцамі”. У адрозненні ад жыхароў Цэнтральнай і Заходняй Беларусі, ад жыхароў Віленшчыны, якіх называлі літвінамі. Для жыхароў Ковеншчыны было адметнае імя –жмудзіны Атрымалася так, што ў тысяча васемсот саракавым годзе, забараніўшы ў канцылярскай перапісцы ужываць тэрмін “белорусскіе і літовскіе губерніі” і замяніўшы іх на “губерніі паўночна-заходнія” альбо Паўночна-Заходні край, Мікалай Першы зрабіў вялікую паслугу для наступнага пашырэння назвы Белая Русь на ўсю тэрыторыю сучаснай Беларусі. Менавіта так трэба разумець першы твор гісторыяграфіі “заходнерусізму” – “Історію Белоруссіі” Турчыновіча. Гэтая кніжка выйшла ў тысяча васемсот пяцьдзесят сёмым годзе і менавіта Турчыновіч першым пачынае лічыць Белай Руссю ўсю тэрыторыю сучаснай Беларусі, на той падставе, што мова “беларусцев” нічым не адрозніваецца ад мовы “літвінаў”. Дагэтуль Беларусь як гістарычная вобласць разглядалася толькі ў Падняпроўі і Падзвінні – дастаткова проста параўнаць раней выдадзеную, у тысяча васемсот пяцьдзесят пятым годзе, кнігу Без-Карніловіча з кнігай Турчыновіча. І Турчыновіч першым жа заяўляе, што гэта штучна - дзяліць тэрыторыю Беларусі на Беларусь і Літву, таму што ў Літве размаўляюць на той жа мове, на якой размаўляюць і ў Беларусі. І ніякай розніцы паміж беларусам і літвінам няма. Тым не менш, выраз “літвін” замацаваўся, можна сказаць, да трыццатых гадоў дваццатага стагоддзя менавіта ў асяроддзі польскамоўнай шляхты, якая менавіта так вось, падкрэсліваннем, што яны літвіны, а не палякі, даказывала сваю адметнасць, адбітнасць ад палякаў карэннай Польшчы. Можам сказаць наконт розных Русяў альбо розных гістарычных правінцый, той краіны, якая называлася Руссю. У трынаццатым стагоддзі, калі працэс феадальнага драблення на Русі зайшоў досыць далёка і калі гэтае феадальнае драбленне пачало суправаджацца ўзнікненнем новых народнасцяў, новых народцаў на тэрыторыях выдзеліўшыхся дзяржаў, калі пачалася адначасова і рэгіянальная цэнтралізацыя, калі на тэрыторыі былой Кіеўскай Русі ўзнікае некалькі буйных вялікіх княстваў, пачалі гаварыць ужо і аб Русі Вялікай,Русі Малой, Русі Белай, Русі Чорнай, Русі Чырвонай. Вось што цікава – Чорнай Руссю называлі землі Гродзеншчыны і Віленшчыны, тыя землі, на тэрыторыі якіх славянскае насельніцтва жыло ўперамешку з паганцамі-літоўцамі. Літоўцы былі язычнікі. Вось каб паказаць, што гэтыя землі не праваслаўныя цалкам, што тут шмат язычнікаў і ужывалі выраз Чорная Русь. Што датычыцца Чырвонай Русі – Чырвонай Руссю называлі землі Галіцка-Валынскага княства. А калі у тысяча дзвесці пяцьдзесят дзевятым годзе галіцка-валынскі князь Данііл каранаваўся каралеўскай каронай і аб’явіў сваё княства каралеўствам, гэтую тэрыторыю пачалі называць Малай Руссю. Каб адрозніць ад той Русі , якая не каралеўства, ад Вялікай Русі. Што датычыцца выраза Вялікая Русь, гэтага тэрміна. Ім спачатку абазначалі ўсю тэрыторыю рускіх зямель, якія не галіцка-валынскае каралеўства, потым гэты тэрмін пачаў ужывацца ў дачыненні да зямель Паўночна-Усходняй Русі – сучаснай Вялікароссіі-Расіі. Так што калі хто помніць словы савецкага дзяржаўнага гімна, прынятага у тысяча дзевятсот сорак чацвёртым годзе “Союз нерушімый республік свободных сплотіла навекі Велікая Русь” – маецца на ўвазе менавіта тэрыторыя паўночна-усходніх рускіх зямель - Вялікае княства Маскоўскае. Таксама цікава непасрэдна паходжанне назвы “Русь”. Таму што сам тэрмін “Русь” - ён не славянскага паходжанння, хаця канешне гісторыкам- рамантыкам славяншчыны вельмі хочацца даказаць адваротнае. Атрымалася так, што Русь у першапачатковым варыянце – гэта скандынаўскае слова, якое ўжывалася для абазначэння дружыны. “Прыйшлі варягі с Русью”. Да. Сапраўды. Імя княскай дружыны перакачавала на ўсю дзяржаву. Таму што ўсё ж такі ў старажытнарускі перыяд, у дзесятым - трынаццатым стагоддзях, можна правесці выразную дэфініцыю паміж Руссю і паміж землямі-валасцямі. Воласць – гэта горад з навакольнымі сельскімі мясцовасцямі, зямля- гэта сукупнасць валасцей. А Русь – гэта ўсе землі пад уладаю князя. Кіеўскага князя. Тым не менш атрымалася так, што ў трынаццатым стагоддзі, калі, як ужо адзначалася, феадальнае драбленне пачало суправаджацца працэсамі моцнага этнагенезу, на выдзеліўшыхся з былой Кіеўскай Русі тэрыторыях, калі пачалі фарміравацца новыя… цэнтры дзяржаўнай крышталізацыі на землях усходніх славян, Русей стала шмат. Паявіліся Русі, як я ўжо казаў і Вялікая і Малая, і Белая, і Чорная, Русямі пачалі называцца і вялікія княствы, якія ўтварыліся на тых ці іншых тэрыторыях, у прыватнасці, менавіта тады пачалі гаварыць пра Полацкую Русь, пра Уладзімірскую Русь, пра Суздальскую Русь, пра Галіцка-Валынскую Русь. Ну і больш за тое, трэба заўважыць што само слова “Русь”, “рускі” мела яшчэ адзін сэнс –пасля прыняцця ў дзевяцьсот восемдзесят восьмым годзе хрысціянства усходнімі славянамі, пасля хрышчэння Русі слова “рускі” набыло сэнс “праваслаўны”. Менавіта ў такім сэнсе, што ”рускі” значыць “праваслаўны” гэтае слова ўжывалі беларускія сяляне нават у пачатку дваццатага стагоддзя. ЦІКАВАЯ ГІСТОРЫЯ Сімяон Полацкі. Пісьменнік, царкоўны дзеяч семнаццатага стагоддзя, выхавацель царскіх дзяцей і ў тым ліку першы выхавацель першага расійскага імператара Пятра Першага. Сімяон Полацкі як царкоўны дзеяч увайшоў у гісторыю як упарты змагар з раскольнікамі, са стараверамі. Змагар за адзінства рускай праваслаўнай царквы пад патрыяршым прастолам. І ў такой якасці яго накіравалі “увещевать” настаўніка пратапопа Авакума, таго чалавека, які ўзначаліў раскол, які быў духоўным бацькам і кіраўніком рускага стараверства. Тут яшчэ і такая акалічнасць была, што пратапоп Авакум пры усім тым быў адзін час духаўніком эАляксея Міхайлавіча, цара Маскоўскага і усея Русі, быў чалавекам, з якім сам цар Аляксей Міхайлавіч пэўны час быў на кароткай назе. І вось што атрымліваецца: пратапоп сам быў вельмі добрым і красамоўцам, і златавустам царкоўным, і пісьменнікам. Недарам яго “Жыціе” вывучаецца ў курсе гісторыі рускай літаратуры як яскравейшы помнік рускай літаратуры семнаццатага стагоддзя. Дык вось разлік Аляксея Міхайлавіча на тое,што місія Сімяона ўдасца, засноўваўся яшчэ і на тым, што пісьменнікі як ніяк паразумеюць адзін аднаго. І той, і другі - вельмі любяць прыгожае слова і прыгожае пісьменства. Аднак не атрымалася. Сімяон Полацкі быў першым рускім пісьменнікам, які пісаў сілабічныя вершы. Сілабічнае вершаскладанне у рускай мове і рускай літаратуры не прыжылося. Граматычны моўны строй іншы. Гэта добра разумеў пратапоп Авакум, калі сказаў, што называецца, ў вочы тое, што думаў пра вершы Сімяона і яго вучняў. І раз’юшаны Сімяон у запісцы на імя цара аб выніках гэтай размовы напісаў буквальна наступнае: “Усовестіть не удалось, ібо зело закоренел в своём неверіі, неучён і поэзіі не разумеет” . Вось гэта “паэзіі не разумеет” дае шмат больш для разумення таго, кім быў Сімяон Полацкі як пісьменнік, што для яго было паэтычная творчасць, чым усе трактаты, усе паэтычныя творы самога Сімяона. І “паэзіі не разумеет”...тут ужо душа Сімяона прарвалася. Што датычыцца ўплыву Сімяона на Пятра Вялікага, то калі ўчытацца ў тэксты дакументаў, якія выйшлі з-пад рукі Пятра, калі ўчытацца ў тэксты артыкулаў у газеце “Ведамасці”, якія асабіста правіў Пётр – шмат беларусізмаў. Тое, што ўвайшло, што называецца, у мову ў раннім дзяцінстве, тое ўжо не вытравілася. Вось такая маленькая гісторыя пра Сімяона Полацкага – апошняга вялікага беларускага пісьменніка семнаццатага стагоддзя.
0 Comments
Leave a Reply. |
Archives
September 2018
Categories
|